Аўтарка тэксту - Таццяна Нядбай, мая былая аднакласніца. Што я хачу нагадаць тым, каму сення "сорамна быць беларусам":
"Атрымала лісты ад Depositphotos і Restream - заснавальнікі гэтых кампаній украінцы. Яны звяртаюцца да беларусаў з просьбай не маўчаць.
У межах сваёй супрацы з рознымі арганізацыямі я карыстаюся платнай падпіскай на гэтыя сэрвісы. Прычым, Рэстрым зрабіў істотную зніжку для нас як для НДА. Дэпазітфотас таксама робіць магчымым бясплатны доступ да сваіх сэрвісаў у шэрагу выпадкаў. Дякую, друзі!
Хаця я і не лічу сябе дакладным адрасатам гэтых зваротаў, але палічыла патрэбным напісаць у адказ пра тое, што:
- Беларусь - гэта не Лукашэнка;
- беларусы не падтрымліваюць вайну;
- беларусы прагаласавалі супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе, з таго часу ў Беларусі больш за 1000 палітычных зняволеных, а пратэсты былі знішчаныя ў тым ліку і дзякуючы падтрымцы Пуціна і нам не хапіла сілаў перамагчы, супрацьстаяць хаўрусу Лукашэнкі з Пуціным. Мы цешыліся салідарнасцю цэлага шэрагу іншых краінаў, якія прымалі нас у сябе, але "глыбокая занепакоенасць" не паспрыяла рэальнай перамозе, хіба толькі маральнай;
- беларускі рэферэндум учора - гэта як крымскі рэферэндум у 2014: рэферэндум на якім няма выбару. Крым - гэта Украіна. З Крыму таксама зайшлі войскі ва Украіну, як і з Беларусі, але ў гэтым няма віны крымчанаў. Учора толькі па афіцыйных дадзеных было затрымана 800 беларусаў, якія пратэставалі супраць вайны. Пратэставалі фактычна ў канцлагеры, у які была ператвораная Беларусь;
- беларуская грамадзянская супольнасць зараз робіць усё магчымае, каб дапамагчы ўкраінцам: далучаецца да арганізацыі эвакуацыі, да збору падтрымкі - і фінансавай, і гуманітарнай, выказваецца супраць вайны;
- мы падтрымліваем Украіну ў яе барацьбе. Слава Украіне і Жыве Беларусь!"